Адкрыты ліст кампаніі People First Джарэду Кушнеру і Стыву Уіткафу

16 верасня 2026 г.

Паважаны спадар Кушнер, паважаны спадар Уіткаф!

Мы звяртаемся да вас у сувязі з вашым нядаўнім удзелам у абмеркаванні вайны Расіі супраць Украіны і магчымых крокаў да яе ўрэгулявання.

Цяпер, калі дыпламатычныя перамовы аднаўляюцца, мы настойліва заклікаем з самага пачатку разгледзець пытанні правоў і абароны людзей, якія былі пазбаўленыя волі, прымусова перамешчаныя, дэпартаваныя або іншым чынам разлучаныя са сваімі сем’ямі ў выніку вайны і звязаных з ёй рэпрэсій.

People First — гэта кааліцыя з 93 украінскіх, расійскіх, беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый, якія дабіваюцца вызвалення, вяртання і абароны людзей, што пацярпелі ад затрыманняў і рэпрэсій, звязаных з канфліктам.

Часта мяркуюць, што пасля спынення агню або заключэння афіцыйнага мірнага пагаднення ўсіх, хто пазбаўлены волі ў сувязі з вайной, аўтаматычна вызваляюць або абмяняюць. Аднак гэтага нельга лічыць гарантаваным. Калі гэтыя пытанні не будуць выразна разгледжаныя з самага пачатку перамоў, ёсць сур’ёзная рызыка, што людзі, якія ўтрымліваюцца пад вартай або іншым чынам пазбаўленыя магчымасці вярнуцца дадому, застануцца ў нявызначаным становішчы нават пасля таго, як будуць дасягнутыя іншыя дамоўленасці.

Дзясяткі тысяч людзей дагэтуль застаюцца пазбаўленымі волі або разлучанымі са сваімі сем’ямі. Сярод іх — ваеннапалонныя; украінскія цывільныя асобы, якія незаконна ўтрымліваюцца ў Расіі і на акупаваных Расіяй тэрыторыях Украіны; украінскія дзеці, прымусова перамешчаныя або дэпартаваныя ў Расію ці на акупаваныя Расіяй тэрыторыі; а таксама расійскія і беларускія палітычныя зняволеныя, якіх крымінальна пераследуюць за антываенную пазіцыю.

Многія ўкраінскія ваеннапалонныя і цывільныя затрыманыя зазналі ў расійскай няволі катаванняў і жорсткага абыходжання, былі пазбаўленыя належнай медыцынскай дапамогі і сувязі з сем’ямі, а ў некаторых выпадках іх асудзілі на працяглыя тэрміны зняволення паводле вынікаў працэсаў, у якіх былі парушаныя асноўныя гарантыі справядлівага судовага разбіральніцтва.

Асаблівую ўвагу варта надаць людзям, якія сутыкаюцца з павышанымі рызыкамі пад вартай або знаходзяцца ў асабліва вострай гуманітарнай сітуацыі, у тым ліку людзям з цяжкімі захворваннямі або інваліднасцю, жанчынам, дзецям, людзям сталага веку, а таксама тым, хто правёў у няволі працяглы час. Пра іх нельга ўспамінаць у мірным працэсе ў апошнюю чаргу. Іх становішча павінна стаць прыярытэтам дыпламатычных перамоў, а не адкладвацца да канчатковага палітычнага ўрэгулявання.

Таму мы настойліва заклікаем Злучаныя Штаты зрабіць вызваленне, вяртанне, абарону гэтых людзей і гуманнае абыходжанне з імі неад’емнай часткай любых адноўленых перамоў з Расіяй.

Гэта павінна ўключаць канкрэтныя гуманітарныя меры, накіраваныя на:

Любы дыпламатычны працэс, які датычыцца вайны, непазбежна закране ключавыя пытанні бяспекі і палітычных дамоўленасцей. Але ён павінен таксама — і ў першую чаргу — разгледзець неадкладныя патрэбы ў правах і абароне тых людзей, чые воля, бяспека і сямейнае жыццё моцна пацярпелі ад вайны і звязаных з ёй рэпрэсій.

Ваш удзел у гэтых абмеркаваннях дае магчымасць дабіцца таго, каб гэтыя гуманітарныя пытанні і пытанні правоў чалавека былі разгледжаныя з самага пачатку.

Мы перакананыя, што вы можаце адыграць важную ролю ў тым, каб вызваленне і абарона людзей сталі канкрэтным гуманітарным прыярытэтам дыпламатычнага працэсу.

Людзі — перш за ўсё.

З павагай,

Аляксандра Мацвяйчук, кіраўніца Цэнтра грамадзянскіх свабод (Украіна), лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру 2022 года;

Алесь Бяляцкі, кіраўнік Праваабарончага цэнтра «Вясна» (Беларусь), лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года;

Алег Арлоў, кіраўнік Цэнтра абароны правоў чалавека «Мемарыял» (Расія), лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года;

І 93 арганізацыі ініцыятывы People First.