
Першай ледзі Меланіі Трамп
Белы дом
Вашынгтон, акруга Калумбія 20500
Шаноўная пані Трамп!
Ваша публічная роля Першай ледзі Злучаных Штатаў Амерыкі дае важную магчымасць прыцягваць увагу да неабходнасці ўзмацнення абароны мірнага насельніцтва, якое пацярпела ад узброеных канфліктаў. Мы высока цэнім Вашыя намаганні па асвятленні гуманітарных наступстваў вайны, асабліва становішча найбольш уразлівых груп насельніцтва, якія пацярпелі ад яе.
Мы звяртаемся да Вас ад імя кампаніі People First — міжнароднай ініцыятывы, якая заклікае да вызвалення асоб, што ўтрымліваюцца ў сувязі з вайной Расіі супраць Украіны, у тым ліку незаконна затрыманых украінскіх грамадзянскіх асоб і дэпартаваных або прымусова перамешчаных украінскіх дзяцей. Мы ўдзячныя Вам за ўжо зробленыя намаганні па садзейнічанні вяртанню ўкраінскіх дзяцей у іх сем’і.
Сёння мы звяртаемся да Вас напярэдадні Міжнароднага дня барацьбы з сэксуальным гвалтам ва ўмовах канфлікту, які штогод адзначаецца 19 чэрвеня. Гэты дзень нагадвае пра разбуральны ўплыў сэксуальнага гвалту, звязанага з канфліктамі, на асобных людзей, сем’і і супольнасці, а таксама пра важнасць прыцягнення вінаватых да адказнасці за такія злачынствы і падтрымкі пацярпелых. У гэтым кантэксце мы хацелі б звярнуць Вашу ўвагу на становішча ўкраінскіх жанчын, якія знаходзяцца ў расійскім палоне, многія з якіх паведамлялі пра сэксуальны гвалт і іншыя формы жорсткага абыходжання, а таксама заклікаць да ўзмацнення міжнароднай увагі да іх лёсу.
У 2025 годзе абмены палоннымі паміж Расіяй і Украінай прывялі да вызвалення значна большай колькасці ўкраінскіх грамадзянскіх затрыманых, чым у любы папярэдні год з пачатку поўнамаштабнага ўварвання. Гэта адбылося на фоне адноўленых дыпламатычных намаганняў пад кіраўніцтвам Вашага мужа, Прэзідэнта Трампа. Тым не менш, сярод вызваленых і рэпатрыяваных грамадзянскіх асобаў было толькі шэсць жанчын. Многія ўкраінскія жанчыны працягваюць незаконна ўтрымлівацца пад вартай, часта ў поўнай ізаляцыі ад знешняга свету, падвяргаючыся бесчалавечнаму абыходжанню, сістэматычным катаванням і іншым формам жорсткага і прыніжальнага абыходжання.
У 2024 годзе ўкраінская журналістка Вікторыя Рашчына загінула ў расійскім зняволенні. Яе справа прыцягнула міжнародную ўвагу да сур’ёзных рызык, з якімі сутыкаюцца ўкраінскія грамадзянскія затрыманыя, у тым ліку жанчыны.
Іншая ўкраінская грамадзянская затрыманая, Наталля Уласава, летась была асуджаная расійскім судом да 18 гадоў пазбаўлення волі па сфабрыкаваных абвінавачаннях, у тым ліку ў тэрарызме, шпіянажы, спробах нападаў на супрацоўнікаў праваахоўных органаў і незаконным абароце зброі. У судзе яна распавяла, як супрацоўнікі сілавых структур катавалі яе падчас допытаў: падвяргалі ўздзеянню электрычнага току, распраналі дагала, здзяйснялі сэксуальны гвалт, аблівалі вадой, збівалі і стачвалі ёй зубы. Аднак суд адмовіўся разглядаць яе заявы. Дзевяцігадовая дачка Наталлі, Юлія, якая не бачыла маці ўжо сем гадоў, чакае яе ў Кіеве.
Дакладная колькасць украінскіх грамадзянскіх жанчын, якія незаконна ўтрымліваюцца ў расійскіх месцах зняволення, застаецца невядомай, паколькі расійскія ўлады не раскрываюць інфармацыю пра іх. Цэнтр грамадзянскіх свабод і Ukrainian War Archive, абедзве арганізацыі — удзельніцы кампаніі People First, ідэнтыфікавалі 257 украінскіх грамадзянскіх жанчын, якія цяпер знаходзяцца ў расійскім палоне, хаця гэты спіс застаецца няпоўным. Многія з іх тэрмінова маюць патрэбу ў медыцынскай дапамозе, і некаторыя могуць не перажыць далейшага працяглага зняволення.
Ваш голас і Ваша лідарства маглі б дапамагчы прыцягнуць міжнародную ўвагу да гэтай праблемы і садзейнічаць намаганням па вызваленні гэтых жанчын. Мы з павагай заклікаем Вас узнімаць пытанне ўкраінскіх грамадзянскіх затрыманых, асабліва жанчын, падчас Вашых публічных выступаў і ў межах гуманітарных ініцыятываў, звязаных з вайной ва Украіне. Узмоцненая міжнародная ўвага можа дапамагчы зрабіць становішча грамадзянскіх затрыманых адным з прыярытэтных пытанняў у бягучых перамовах адносна вайны Расіі супраць Украіны.
Кампанія People First і яе партнёрскія арганізацыі гатовыя прадаставіць любую дадатковую інфармацыю, якая можа быць карыснай для гэтых намаганняў.
Дзякуем Вам за ўвагу да гэтай надзвычай важнай гуманітарнай праблемы і праблемы абароны правоў чалавека.
З павагай,
АРГАНІЗАЦЫІ — УДЗЕЛЬНІЦЫ КАМПАНІІ